iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.
iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.



Link to original content: https://be.wikipedia.org/wiki/Энцыклапедыя_Брытаніка
Энцыклапедыя Брытаніка — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Энцыклапедыя Брытаніка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
15-е выданне Брытанікі. Першы том з зелёным цэтлікам — «Propædia»; тамы з чырвоным цэтлікам — «Micropædia», з чорным — «Macropædia», з шэрым — прадметны паказальнік.

Энцыклапедыя Брытаніка, Брыта́нская энцыклапе́дыя, або Брытаніка (лац.: Encyclopædia Britannica) — найбольш поўная і найстарэйшая друкаваная ўніверсальная энцыклапедыя на англійскай мове, а таксама назва выдавецтва.

Створана шатландскімі асветнікамі — гравёрам Эндру Бэлам (1726—1809) і друкаром Колінам Макфаркарам. Як рэдактар быў запрошаны Уільям Смелі.

Гісторыя «Брытанікі» — гісторыя яе выданняў, сучаснае выданне — 15-е (выпуск 1985 года). Першае выданне, выпушчанае на аснове энцыклапедычнага слоўніка ў 1768—1771 гадах, мела толькі тры тамы. Да восьмага выдання «Брытаніка» выходзіла ў Эдынбургу. У 1870 годзе выдавецтва перайшло пад эгіду газеты «The Times» і пераехала ў Лондан, дзе выпускаліся 9-е і 10-е выданне. Дзявятае выданне праз аўтарытэт ва ўніверсітэцкім асяроддзі атрымала неафіцыйную назву «the scholar's encyclopaedia». У 10-м выданні ўпершыню з’явіўся картаграфічны том і прадметны паказальнік. Адзінаццатае («Кембрыджскае») выданне, у якім энцыклапедыя практычна набыла сучаснае аблічча, ажыццявіў Кембрыджскі ўніверсітэт пры ўдзеле 1500 экспертаў.

Пасля гэтага «Брытаніка» перамясцілася ў ЗША, новым уласнікам у 1901 годзе стаў Г. Э. Хупер з Чыкага, які адным з першых ужыў сістэму гандлю кнігамі па пошце. У пачатку 1920-х гадоў, калі «Брытаніка» адчувала сур’ёзны фінансавы крызіс, яе правы набыла фірма "Sheers, Roobeck & Co", якая ў 1941 годзе бязвыплатна перадала правы на «Брытаніку» Чыкагскаму ўніверсітэту.

У 1974 годзе ўпершыню выйшла актуальнае 15-е выданне (пад назвай New Encyclopaedia Britannica, неафіцыйная назва — Britannica 3), якое было значна перапрацавана ў 1985 годзе. У ім, пад уплывам аднаго з найбуйнейшых навукоўцаў і энцыклапедыстаў XX ст. Мортымера Адлера (Mortimer Adler), энцыклапедыя была падзелена на «Мікрапедыю» (10 тамоў, з 1985 года — 12) і «Макрапедыю» (19 тамоў, з 1985 года — 17), якія вылучаюцца глыбінёй выкладання звестак. Энцыклапедыі пачала папярэднічаць так званая «Прапедыя», дзе коратка выкладзена структура сучасных ведаў. Завяршае сучасную «Брытаніку» двухтомны прадметны паказальнік. 15-е выданне, не змяняючы парадкавай нумарацыі, штогод актуалізуецца. У 1994 годзе знакамітая энцыклапедыя ўпершыню была выпушчана ў электроннай версіі на CD-ROM.