iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.
iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.



Link to original content: https://be.wikipedia.org/wiki/Тры_колеры:_Сіні
Тры колеры: Сіні — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Тры колеры: Сіні

Гэты артыкул з’яўляецца артыкулам года.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тры колеры: СініM:
фр.: Trois couleurs: Bleu
Постар фільма
Жанр драматычны фільм[6][7][…] і артхаус
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Eurimages[d], France 3[d] і Canal+
Працягласць 100 ± 1 хв.
Зборы $1,32 млн. (ЗША)[1][2]
Краіна
Мова французская[3]
Год 1993, 4 лістапада 1993[4], 8 верасня 1993[5], 10 кастрычніка 1993[5] і 5 снежня 1993[5]
Наступны фільм «Тры колеры: Белы»
IMDb ID 0108394

«Тры ко́леры: Сі́ні» (фр.: Trois couleurs: Bleu) — мастацкі фільм 1993 года, пастаўлены польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Адна з найбольш праслаўленых карцін рэжысёра[14][15]. Галоўную ролю выканала французская актрыса Жульет Бінош[16].

«Сіні» з’яўляецца першай часткай трылогіі «Тры колеры», другая і трэцяя часткі «Белы» і «Чырвоны» выйшлі ў 1994 годзе. Паводле задумы аўтараў сцэнарыя Кшыштафа Кеслёўскага і Кшыштафа Пясевіча кожны фільм трылогіі тым ці іншым чынам акцэнтуе ўвагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». Паводле слоў Кеслёўскага, тэма фільма «Тры колеры: Сіні» — гэта свабода, а дакладней свабода эмацыйная, а не свабода ў сацыяльным ці палітычным значэнні[17].

Цэнтральнымі фігурамі ў працэсе стварэння фільма, як і ў папярэдняй працы Кеслёўскага «Падвойнае жыццё Веранікі», сталі аператар Славомір Ідзяк і кампазітар Збігнеў Прайснер. Апрача выкарыстання пазнавальных фільтраў і здымкаў плечавой камерай, Ідзяк нават указаны як суаўтар сцэнарыя разам з сябрамі Кеслёўскага Агнешкай Холанд і Эдвардам Жэброўскім[pl]. Прайснер напісаў музыку да пачатку здымкаў, так што мелодыя, тэкстура і рытм быццам вядуць дзеянне за сабой. А паколькі галоўныя героі фільма — кампазітары, музыка тут — частка сюжэта і складальнік таямніцы фільма[18].

Прэм’ера фільма адбылася ў верасні 1993 года[19]. 5 верасня «Сіні» быў паказаны ў межах конкурснай праграмы юбілейнага 50-га Венецыянскага кінафестывалю, дзе быў адзначаны ажно сямю прызамі, у тым ліку галоўнай узнагародай кінафестывалю — «Залатым ільвом»[20]. Апроч таго фільм быў удастоены трох прэмій «Сезар», трох намінацый на «Залаты глобус», намінацыі на Еўрапейскую кінапрэмію за найлепшы фільм і многіх іншых узнагарод. Перайсці да раздзела «Узнагароды»

Жулі губляе свайго мужа, кампазітара, і сваю маленькую дачку ў аўтакатастрофе. Спустошаная, яна спярша думае пра самагубства, але па нейкай прычыне не можа гэтага зрабіць і таму спрабуе пачаць новае жыццё ўдалечыні ад свайго шыкоўнага загараднага дома і закаханага ў яе мужава сябра. Пераехаўшы ў сціплую кватэру ў Парыжы, Жулі вырашае, што адзіны спосаб вызваліцца ад болю і жалобы — гэта парваць усе сувязі з ранейшым жыццём, унікаць любых прывязанасцяў да людзей і рэчаў і жыць у ціхай адзіноце. Тым не менш, яе пераследуе музыка з незавершанага яе мужам канцэрта, а прошласць насцігае яе зноў і зноў. Паступова Жулі вяртаецца да неабходнасці жыць, бо музыка і дар яе стварэння валодаюць надзвычайнай гаючай сілай[21].

Сіні аўтамабіль едзе па аўтастрадзе. Праз задняе акно машыны за дарогай назірае дзяўчынка. Праз нейкі час машына спыняецца, каб дзіцё магло збегаць у туалет. Пад машынай кропля за кропляй сцякае масла. На ўзбочыне аўтастрады стаіць хлопец (Ян Трэгуэ[fr]) і спрабуе спаймаць драўляны мячык на палку. Хлопец бачыць сіні аўтамабіль, які праязджае міма яго. У гэты момант ён злавіў мячык. Але ўжо праз некалькі секунд хлопец чуе гук аварыі.

Жулі (Жульет Бінош) прачынаецца ў лякарні. Урач са спачуваннем паведамляе ёй, што і яе муж Патрыс, і яе дачка Анна загінулі ў аварыі. Даведаўшыся, што засталася адна, Жулі вырашае скончыць жыццё самагубствам, аднак, ужо набраўшы поўны рот таблетак, адмаўляецца ад сваёй задумы. Неўзабаве сябар Патрыса Аліўе (Бенуа Рэжан[fr]) прыносіць Жулі мініяцюрны тэлевізар, каб тая магла сачыць за пахаваннем з лякарні. Муж Жулі, Патрыс дэ Курсі, быў вядомым кампазітарам, яго пахаванне асвятляюць СМІ, прысутныя мноства публічных асоб, якія ўзносяць яму хвалу. На даччыной труне значацца даты: «26 красавіка 1985 — 7 верасня 1992».

Пасля выпіскі з лякарні да Жулі наведваецца журналістка (Элен Венсан[fr]). Яна цікавіцца лёсам апошняга твора Патрыса — «Канцэрта на аб’яднанне Еўропы», а таксама пытаецца, ці праўда, што Жулі сама пісала мужавы творы. Аднак Жулі адмаўляецца гутарыць. Яна вырашае парваць усе сувязі з мінулым жыццём, забыцца на яго любымі сродкамі, бо ўспаміны прычыняюць ёй невыносны боль. Яна пазбаўляецца ад іх з мужам маёмасці, выстаўляе на продаж іх асабняк, знішчае ноты з незавершаным канцэртам. У змаганні з набягаючымі хвалямі болю Жулі не грэбуе нічым: яна спрабуе заглушыць свой боль, моцна абдзіраючы руку аб каменную сцяну; калі знаходзіць у сваёй торбе ледзянец дачкі — у роспачы згрызае яго. У празе знішчыць мінулае яна «здраджвае мужу», праводзячы сваю апошнюю ноч у асабняку з сябрам Патрыса Аліўе, які заўжды быў закаханы ў яе. Раніцай Жулі развітваецца з ім і выходзіць, не пакінуўшы адраса. Яна вяртае сабе дзявочае прозвішча — Віньён, і асталёўваецца ў парыжскай кватэры на вуліцы Муфтар[en]. Са свайго мінулага жыцця яна захоўвае толькі жырандолю з сінімі шкельцамі, якая вісела ў пакоі яе дачушкі.

Цяпер жыццё Жулі, пазбаўленае прывязанасцяў, плыве ціха і аднастайна: яна абжывае сваю кватэру, ходзіць у кавярню на каву з марожаным, плавае ў басейне. Яна адмяжоўваецца ад успамінаў пра мінулае, пазбягае блізкіх зносін з людзьмі ды імкнецца ўвогуле не ўмешвацца ў жыцці іншых. Аднак гэта аказваецца не так проста. Аднаго разу, седзячы ў кавярні, яна чуе як вулічны флейтыст іграе мелодыю, што нагадвае ёй музыку мужа. Іншым разам да яе звяртаюцца суседзі з просьбай падпісаць паперу, каб выселіць з дома прастытутку Люсіль (Шарлот Веры), але Жулі адмаўляецца. Даведаўшыся пра гэта, ужо Люсіль прыходзіць выказаць удзячнасць, і насуперак волі Жулі між імі завязваецца сяброўства.

Жулі даведваецца, што яе шукае хлопец, які быў сведкам аварыі. Пры сустрэчы, малады чалавек аддае ёй нацельны крыжык, што знайшоў ля машыны, і расказвае пра апошнія словы Патрыса. Жулі ўзяць крыжык адмаўляецца. Неўзабаве яе знаходзіць Аліўе, які вось ужо некалькі месяцаў беспаспяхова шукаў яе. Аліўе вельмі моцна яе кахае, але Жулі адштурхвае яго.

Аднойчы сярод ночы Жулі прачынаецца ад тэлефоннага званка. Люсіль у роспачы просіць, каб Жулі прыехала да яе, і тая неахвотна згаджаецца. Люсіль расказвае Жулі, што гэтай ноччу ўбачыла сярод наведвальнікаў бардэля свайго бацьку. Гэта моцна шакіравала яе, і таму ёй патрэбна была падтрымка. Падчас размовы Люсіль заўважае, што Жулі паказваюць па тэлевізары. У рэпартажы вядзецца гаворка пра тое, што Аліўе захаваў копію партытуры яе мужа і хоча працягнуць пісаць канцэрт. Аднак Аліўе кажа, што пранікнуць у задумы Патрыса складана і калі хто і мог бы яму дапамагчы ў гэтым, то толькі Жулі. Жулі знаходзіць Аліўе, яна абурана яго ўчынкамі і ўсё ж згаджаецца дапамагчы. Сярод рэчаў мужа, якія захаваў Аліўе, Жулі знаходзіць фотаздымак, на якім Патрыс выяўлены разам з невядомай жанчынай. Жулі даведваецца, што ў яе мужа на працягу некалькіх гадоў быў раман з жанчынай па імі Сандрын (Фларанс Пернэль[fr]), якая працуе адвакатам. Жулі вырашае сустрэцца з ёй і высочвае Сандрын. Уступіўшы з ёй у размову, Жулі даведваецца, што тая цяжарная ад свайго палюбоўніка Патрыса. Жулі бачыць на шыі Сандрын крыжык — падарунак Патрыса — і разумее, што Патрыс сапраўды кахаў гэтую жанчыну. Замест таго, каб загарэцца нянавісцю да сваёй былой саперніцы і нябожчыка-мужа, Жулі робіць нешта нечаканае. Яна адмяняе продаж свайго асабняка і прапануе Сандрын і яе будучаму дзіцяці пасяліцца там.

У заключнай частцы фільма выконваецца дапісаны Аліўе і Жулі «Канцэрт на аб’яднанне Еўропы». Сольны жаночы голас у суправаджэнні хора спявае на грэчаскай мове так званы «Гімн любові», тэкст 13-га раздзела Першага ліста да Карынцянаў. У той жа час на экране змяняюцца выявы людзей. Любоўныя твары Жулі і Аліўе. Хлопец Антуан, на шыі якога крыжык, што пакінула яму Жулі. У доме састарэлых памірае маці Жулі. Твар Люсіль на фоне чырвонай сцэны бардэля. Твар Сандрын, якая пры дапамозе ультрагуку[en] глядзіць на хлопчыка ў сваім чэраве. Зрэнка Аліўе, у якой адлюстроўваецца аголеная фігура Жулі. І твар самой Жулі, якая ўпершыню з моманту трагедыі плача.

Акцёрскі склад

[правіць | правіць зыходнік]
   Жульет Бінош   –   Жулі дэ Курсі (у дзявоцтве Віньён)
   Бенуа Рэжан[fr]   –   Аліўе Бенуа
   Фларанс Пернэль[fr]   –   Сандрын
   Шарлот Веры   –   Люсіль, прастытутка, суседка Жулі
   Эмануэль Рыва   –   мадам Віньён, маці Жулі
   Элен Венсан[fr]   –   журналістка
   Філіп Вальтэр[fr]   –   агент па нерухомасці
   Клод Дзюнетон[fr]   –   урач
   Яцак Асташэўскі   –   флейтыст
   Юг Кестэр[fr]   –   Патрыс дэ Курсі, кампазітар, муж Жулі
   Фларанс Віньён[fr]   –   перапісчыца
   Жулі Гае[fr]   –   адвакат у зале чакання
   Жулі Дэльпі   –   Дамінік (гераіня фільма «Тры колеры: Белы»)
   Збігнеў Замахоўскі   –   Караль Караль (герой фільма «Тры колеры: Белы»)

Задума і праца над сцэнарыем

[правіць | правіць зыходнік]
Кшыштаф Кеслёўскі, рэжысёр і суаўтар сцэнарыя фільма.

На стварэнне трылогіі «Тры колеры» Кеслёўскага, як і ў выпадку з тэлецыклам «Дэкалог», натхніў яго суаўтар Кшыштаф Пясевіч[18]. Кожны фільм трылогіі тым ці іншым чынам павінен быў акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». Паводле слоў Кеслёўскага, тэма фільма «Тры колеры: Сіні» — гэта свабода, а дакладней свабода эмацыйная, а не свабода ў сацыяльным ці палітычным значэнні. Наконт узнікнення ідэі сюжэта фільма Пясевіч расказаў: «Аднойчы ўвечары я ўбачыў па тэлевізары гутарку з польскім кампазітарам. З ім была яго жонка. Я сказаў сабе, што гэтая жанчына, напэўна, іграе важную ролю ў яго жыцці. Гэта зыходны пункт „Сіняга“ — фільма пра свабоду»[22][23].

Падчас працы над фільмам сцэнарый «Сіняга» падвяргаўся шматлікім зменам. Так, напрыклад, паводле першапачатковай задумы Кеслёўскага, пасля трагедыі галоўная гераіня мусіла пакінуць Парыж і адправіцца ў правінцыю, падалей ад людзей. Аднак у фінальнай версіі сцэнарыя ўсё адбываецца наадварот: Жулі пераязджае ў Парыж, каб «згубіцца ў натоўпе»[24]. Вялікая колькасць змен была звязана з выкрэсліваннем: дзеля стварэння большай драматычнай напругі Кеслёўскі пакідаў толькі самыя важныя сцэны, вобразы і персанажаў[18].

У адрозненне ад «Дэкалога», паміж часткамі якога існавала мноства сюжэтных перасячэнняў, у «Трох колеры» сувязяў менш. Гэта было звязана з тым, што фільмы здымаліся ў трох розных краінах з трыма рознымі здымачнымі камандамі. У «Сінім» ёсць толькі адна сцэна, звязаная з іншай часткай трылогіі — гэта сцэна ў Палацы правасуддзя, дзе Жулі на імгненне становіцца сведкай судовага працэсу паміж Дамінік і Каралем з «Белага»[25].

Падбор акцёраў і праца над ролямі

[правіць | правіць зыходнік]
Жульет Бінош
Жульет Бінош, выканаўца галоўнай ролі.

Галоўную ролю ў фільме «Тры колеры: Сіні» выканала французская актрыса Жульет Бінош. Дзеля гэтай ролі актрыса адхіліла прапанову Стывена Спілберга сыграць у «Парку юрскага перыяду». У гутарцы для «The Guardian» актрыса прызналася, што натхненнем для ролі Жулі паслужыла яе сяброўка Верніс Клір, якая згубіла мужа і дзіця. «На момант пачатку здымкаў Сіняга я ведала яе ўжо пяць гадоў. Мы шмат гаварылі пра яе гора, бо пазнаёміліся праз год пасля таго, як гэта адбылося. Так што я была сведкай таго, як яна адраджалася»[26].

Ролю мадам Віньён, маці Жулі, сыграла французская актрыса Эмануэль Рыва. Яе вобраз меў узмацніць тэму забыцця і страты ўспамінаў. На працягу фільма Жулі некалькі разоў наведвае сваю маці ў доме састарэлых, але тая не можа ўспомніць, хто такая Жулі. Выбар актрысы на гэтую ролю выклікае асацыяцыі з карцінай Алена Рэнэ «Хірасіма, любоў мая» (1959), дзе Эмануэль Рыва іграла ролю жанчыны, апантанай страхам забыцця[18].

Важным для рэжысёра быў вобраз Антуана, сведкі аўтакатастрофы, ролю якога сыграў Ян Трэгуэ[fr]. Кеслёўскі прызнаваўся, што ў нейкім сэнсе сам стаў прататыпам персанажа[27][23]:

" Мне было 17, я вандраваў са спадарожнымі машынамі і гадзінамі чакаў на ціхай дарозе. У канцы дня я сядзеў на абочыне, паўшы духам. Праехала машына, не спыняючыся. Я добра яе памятаю, гэта быў Wartburg[en], зроблены ва Усходняй Германіі. Кіроўца быў адзін. Я падумаў: «Ідзі к чорту!» Праз секунду я пачуў шум і ўбачыў: машына толькі што ўрэзалася ў дрэва. Я адчуваў сябе вельмі вінаватым. Я быў адказны за смерць гэтага чалавека… Калі я пісаў сцэнарый для «Сіняга», гэтая сцэна ўзнікла з майго мінулага[27]. "

Ролю вулічнага флейтыста выканаў сапраўдны музыкант, які пазней удзельнічаў у запісе саўндтрэка да фільма — Яцак Асташэўскі. Па сюжэце Жулі, седзячы ў кафэ, чуе яго гранне і пазнае мелодыю, напісаную яе мужам. Яна цікавіцца ў флейтыста, адкуль ён ведае гэтую мелодыю, але той адказвае, што сам яе прыдумаў. Гэты вобраз з’яўляецца своеасаблівай ілюстрацыяй да наступнага выказвання Кеслёўскага: «Усе музычныя ноты ўжо існуюць, чакаючы, што нехта выстраіць іх у пэўным парадку. Два розныя чалавекі ў розных месцах могуць стварыць адну і тую ж мелодыю — гэта менавіта тое, што яднае людзей»[18].

Здымкі і каларыстычнае рашэнне

[правіць | правіць зыходнік]
Славомір Ідзяк, аператар фільма.

Трылогія была знята ў надзвычай кароткі тэрмін. Здымкі «Сіняга» праходзілі ў перыяд з верасня па лістапад 1992 года, здымкі астатніх двух фільмаў былі скончаны ўжо ў маі 1993 года[18]. Як і ў выпадку з «Дэкалогам» для кожнай часткі быў абраны асобны аператар: у «Сінім» гэта Славомір Ідзяк, які раней працаваў з Кеслёўскім над фільмамі «Шнар», «Кароткі фільм пра забойства», «Дэкалог, пяць» і «Падвойнае жыццё Веранікі». Характэрнай асаблівасцю «Сіняга» з’яўляецца каларыстычнае рашэнне, адпаведнае назве фільма. Як тлумачыў Ідзяк: «Наш сіні колер моцны, агрэсіўны, штучны… што не мае нічога агульнага з натуральным сінім, які знаходзіцца побач»[28].

Сіні колер пранізвае ўвесь фільм. Аналізуючы вобраз сіняга колеру Анет Інсдарф адзначае, што ён мае як літаральныя, так і метафарычныя ўвасабленні. Сярод літаральных вобразаў, напрыклад, адзенне Жулі — на ёй заўсёды «чорнае і сіняе»: сінія джынсы, чорны пінжак і майка; або сіняе чарніла, якім яна запісвае ноты. Круглая форма сініх нот у сваю чаргу «рыфмуецца» з сінімі пацерамі жырандолі. Метафарычнае выкарыстанне сіняга колеру можна ўбачыць у выяве вялізнага басейна, дзе ў адзіноце плавае Жулі: спакойная сіняя паверхня першапачаткова сімвалізуе ўцёкі, сыход ад рэальнасці, але менавіта ў вадзе Жулі двойчы спыняецца і задыхаецца, раптам ахопленая фрагментамі няскончанага канцэрта. У гэтым выпадку басейн ужо сімвалізуе незавершаную жалобу[18].

У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі выказваў думку, што фільм па-сапраўднаму нараджаецца не ў працэсе здымкаў, але падчас мантажу. Здымкі ж — гэта толькі збор матэрыялу, падрыхтоўка магчымасцяў[29]. Рэжысёр мантажу Жак Віта[en], які раней ужо працаваў з Кеслёўскім над фільмам «Падвойнае жыццё Веранікі», расказваў: «Было знята трыццаць версій „Сіняга“ з рознымі структурамі і сюжэтам. Фільм развіваўся і змяняўся»[18].

Сярод мантажных прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў фільме, варта назваць адмысловыя зацямненні, кожнае з якіх узнікае пасярод сцэны. Экран зацямняецца, некалькі секунд застаецца чорным, пасля чаго выява вяртае гледача ў той жа момант, на якім фільм спыніўся. У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі так тлумачыў гэты ход:

" У гэтым фільме мы выкарыстоўваем некалькі зацямненняў. Зацямненне азначае, што прайшоў нейкі час. Канец сцэны — зацямненне — новы план. У фільме чатыры такія зацямненні, і ўсе яны служаць для адной мэты. Мы хочам у гэтыя чатыры моманты паказаць час вачыма Жулі. Для яе час стаіць на месцы. Напрыклад, такая сцэна: прыходзіць журналістка, вітаецца. Першае зацямненне. Перш чым Жулі адкажа, праходзіць дзве секунды. Між дзвюма фразамі для Жулі праходзіць вечнасць. Музыка вяртаецца да яе, а час спыняецца[30]. "

У адрозненне ад папярэдняга фільма «Падвойнае жыццё Веранікі», дзе Кеслёўскі працаваў адразу з 14 гукааператарамі, над гукам для «Сіняга» ад пачатку і да канца працаваў адзін Жан-Клод Ларо[fr][31]. У фільме гук адразу набывае сэнсавую нагрузку, даючы гледачу разуменне таго, што не паказана на экране. Так у першай жа сцэне шум машын апярэджвае выяву руху па аўтастрадзе. Аварыя, якая служыць завязкай фільма, таксама вырашана акустычным чынам: спачатку гук тармазоў, удар — потым выява разбітай машыны. Першае ўспрыняццё вобраза Жулі таксама гукавое: цяжкае дыханне і пёрка падушкі, якое ім калыхаецца. На працягу ўсяго фільма Кеслёўскі, працуючы з гукааператарам, падкрэслівае і ўзмацняе гукі: з шумам падае крышка раяля, калі Жулі збіраецца пакінуць дом, нарастае грукат, калі ў дзверы яе кватэры калоціць мужчына, за якім гоняцца, трэск дзвярэй, якія зачыняюцца за Жулі, пакідаючы яе на лесвічнай пляцоўцы сярод ночы, громкі піск нованароджаных мышанят у кладоўцы Жулі, віск дзяцей у басейне[18]. Некаторыя гукі ў фільме носяць наўмысна сімвалічны характар. Так, паводле слоў Ларо, Кеслёўскі папрасіў яго ўставіць у эпізод, дзе за Жулі зачыняюцца дзверы, гук аддаленай аўтамабільнай аварыі[32].

Гімн Любові

1Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы. 2Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. 3Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці. 4Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, 5не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, 6не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. 7Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. 8Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. 9Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, 10а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. 11Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. 12Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны. 13А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх — любоў[33].

Фільм «Тры колеры: Сіні» стаў чарговай сумеснай працай Кшыштафа Кеслёўскага і кампазітара Збігнева Прайснера. У параўнанні з папярэднімі сумеснымі працамі рэжысёра і кампазітара, дзе музыка таксама грала значную ролю ў стварэнні адмысловай атмасферы карціны, а часам аказвала ўплыў на сюжэт, у «Сінім» музыка займае адно з галоўных месцаў утварэння сюжэта.

Збігнеў Прайснер
Збігнеў Прайснер, аўтар музыкі да фільма.

Сюжэт фільма развіваецца вакол «Канцэрта на аб’яднанне Еўропы», які ствараецца на працягу ўсяго фільма галоўнымі героямі. Аўтарства большай часткі музыкі, што гучыць у «Сінім», Прайснер аддае персанажам фільма: кампазітару Патрысу, яго жонцы Жулі, калегу Патрыса Аліўе, вулічнаму флейтысту. Апрача музыкі, якую па сюжэце пішуць героі фільма, у карціне можна пачуць і чарговы твор выдуманага галандскага кампазітара канца XVIII стагоддзя Ван дэн Будэнмаера — пахавальны марш.

У межах фільма пытанне наконт аўтарства канцэрта — ці была Жулі аўтарам мужавай музыкі — застаецца адкрытым[18]. Сам Кеслёўскі выказваў думку, што Жулі, верагодна, была суаўтаркай мужа: «Я не ўпэўнены, якая яе роля тут. Для Марына Карміца Жулі — аўтар музыкі, для мяне — не… Але яна рэдагуе, выпраўляе ноты»[23]. У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі ўдакладняў сваё бачанне ролі Жулі: «Магчыма, яна з тых, хто не ў стане ствараць музыку, але яна цудоўная рэдактарка ўжо напісанага. Яна ўсё бачыць, у яе выдатнае аналітычнае мышленне і талент да ўдасканалення рэчаў. Спісаны нотны ліст някепскі, але пасля яе выпраўленняў музыка становіцца цудоўнай. Не так і важна, суаўтар яна ці аўтар, карэктуе яна ці стварае»[34].

Пры працы над фільмам практычна ўся музыка пісалася да пачатку здымкаў[35]. Кеслёўскі гаворыць, што «ў пэўным сэнсе, „Сіні“ здымаўся як ілюстрацыя да музыкі»[36].

За музыку да фільма Збігнеў Прайснер быў узнагароджаны Прэміяй Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса[37], а таксама намініраваны на «Залаты глобус»[38] і «Сезар»[39]. Саўндтрэк карціны быў выдадзены 7 снежня 1993 года лэйблам «Virgin»[40] і стаў сёмым альбомам у кар’еры Збігнева Прайснера. Рэліз саўндтрэка займеў папулярнасць ва ўсім свеце, а ў Польшчы атрымаў статус залатога[41], а потым плацінавага дыска[42]. Саўндтрэк сабраў шматлікія хвалебныя водгукі і неаднаразова перавыдаваўся[43].

Выхад і прызнанне

[правіць | правіць зыходнік]

Пракат і зборы

[правіць | правіць зыходнік]

Карціна «Тры колеры: Сіні» выйшла на экраны ў верасні 1993 года. Галоўны прэм’ерны паказ адбыўся 5 верасня на юбілейным 50-ым Венецыянскім кінафестывалі. Апроч таго фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Тэльюрайдзе[en] (3 верасня), Таронта (17 верасня), Садберы (верасень), Чыкага (8 і 9 кастрычніка)[44], Нью-Ёрку (12 кастрычніка)[19].

Упершыню карціна выйшла ў шырокі пракат у Францыі 8 верасня 1993 года[19]. Агульная колькасць прададзеных білетаў склала 1 237 416, а фільм заняў у Францыі 27-е месца па зборах за 1993 год[45]. У Польшчы, на радзіме рэжысёра, прэм’ера фільма адбылася 10 кастрычніка[19]. У Германіі пракат стартаваў 4 лістапада 1993 года. Агульная колькасць прададзеных білетаў склала 437 536[2].

Распаўсюджваннем фільма ў Злучаных Штатах Амерыкі займаўся кінапрадзюсар Харві Вайнштэйн і яго кампанія «Miramax Films[en]»[46]. У амерыканскі пракат фільм выйшаў 30 лістапада 1993 года. За прэм’ерны ўікенд фільм сабраў толькі 6 413 долараў. Аднак агулам зборы ў амерыканскім пракаце дасягнулі сумы 1 324 974 долары[1].

Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie 4.5 з 5 зорак4.5 з 5 зорак4.5 з 5 зорак4.5 з 5 зорак4.5 з 5 зорак[47]
Empire 5 з 5 зорак5 з 5 зорак5 з 5 зорак5 з 5 зорак5 з 5 зорак[48]
FilmAffinity 7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак7.5 з 10 зорак[49]
Internet Movie Database 8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак8.0 з 10 зорак[16]
Metacritic 8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак[50]
Roger Ebert 3.5 з 4 зорак3.5 з 4 зорак3.5 з 4 зорак3.5 з 4 зорак[51]
Rotten Tomatoes 9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак9.8 з 10 зорак[52]
КиноПоиск 7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак7.7 з 10 зорак[53]

Паводле даных папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 44 прафесійных крытыкаў 43 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 98 %. Глядацкі рэйтынг склаў 93 % на аснове амаль 40 тысяч галасоў. Абагуленае меркаванне крытыкаў, апублікаванае на сайце гучыць наступным чынам:

" У фільме «Тры колеры: Сіні» ёсць моманты, якія візуальна захапляюць, знаходзяць эмацыйны водгук, створаныя рэжысёрам і суаўтарам сцэнарыя Кшыштафам Кеслёўскім — а ў дадатак ён можа пахваліцца выдатнай акцёрскай ігрой Жульет Бінош[52]. "

Іншы папулярны агрэгатар крытычных аглядаў, «Metacritic», дае фільму сярэднюю ацэнку ў 85 балаў са 100 магчымых на аснове 9 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.9/10[50].

Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваім першапачатковым аглядзе 11 лютага 1994 года ацаніў фільм 3,5 зоркамі з 4[51]. Аднак пазней, 9 сакавіка 2003 года выпусціў новую рэцэнзію, у якой удастоіў усю трылогію «Тры колеры» 4 зорак і змясціў яе ў свой спіс «Выдатных фільмаў»[54]. У рэцэнзіі для «Washington Post» Хэл Хінсан заявіў: «Для Кеслёўскага тонкасць — гэта рэлігія. Ён намякае або падразумявае — робіць усё, каб не раскрыць свае карты»[55]. Харлан Кенэдзі назваў «Сіні» шэдэўрам, сказаўшы, што рэжысёр «выдатны фокуснік сучаснага кіно: гуманіст, пераапрануты ў мізантропа, чорны маг, які выцягвае ўсмешлівага белага труса з шапкі якраз тады, калі ўжо клічуць экзарцыста»[56]. Дэвід Стэрыт[en] сказаў у аглядзе для «Cinéaste», што «метафізіка Кеслёўскага больш гуманістычная і псіхалагічная, чым дактрынальная ці тэалагічная»[57]. Дэйв Кер з часопіса «Film Comment» заўважыў, што аператар Славомір Ідзяк «здымае з такой малой глыбінёй рэзкасці, такой дакладнай фокуснай адлегласцю, што яго аб’ектыў ледзь утрымлівае маленькі прадмет у полі зроку»[58]. Вінсэнт Ам’ель з часопісу «Positif» заўважыў, што фільм Кеслёўскага падкрэслівае «пасрэдніцтва выявы, яе ілюзорную якасць»[59]. Ліза Нэсельсан з часопіса «Variety» асабліва высока ацаніла музыку Збігнева Прайснера, «чые громападобныя акорды абуджаюць памяць, страту і прывіднае абяцанне еўрапейскага адзінства». Яна кажа, што музыка ў гэтым фільме «самастойны персанаж, які яскрава выражае тое, чаго, здаецца, не хапае маўклівай Жулі»[60]. У той жа час Нэсельсан сцвярджае, што, як і ў «Падвойным жыцці Веранікі», «французскія персанажы Кеслёўскага выглядаюць спрошчанымі ў параўнанні з польскімі»[60].

Насуперак пераважнай большасці аглядальнікаў, якія ўхвалілі карціну, некаторыя рэцэнзенты ўспрынялі фільм больш крытычна. Дэрэк Малкальм[en] з «The Guardian» сказаў, што слабасцю «Сіняга» з’яўляецца яго поўная схематычнасць, якая аднак кампенсуецца неверагоднай эмацыйнай сілай фільма[61]. Адам Марс-Джонс у артыкуле для «The Independent» раскрытыкаваў падыход Кеслёўскага: даследаваць ідэю праз сюжэт. Марс-Джонс выказаў думку, што гледачы «будуць занадта занятыя, спрабуючы прасачыць за сюжэтам, якім бы нязначным ён ні быў, каб адчуць, што яны нейкім чынам судакранаюцца са спадчынай Французскай рэвалюцыі»[62]. Жан Балье ў часопісе «Ciné-Bulles» выказаў меркаванне, што «Сіні», як і папярэдні фільм Кеслёўскага «Падвойнае жыццё Веранікі», хутчэй нагадвае «практыкаванне ў стылі»[63]. Адзін з самых негатыўных водгукаў на фільм належыць Вінсэнту Кэнбі[en], які ў артыкуле для «The New York Times» выказаў думку, што неверагодна багатая кампазіцыя фільма далёкая ад пазнавальнага жыцця, што фільм «поўны містычнай бравады» і пры гэтым «мёртвы». Кэнбі завяршае сваю рэцэнзію наступным выказваннем: «„Сіняму“ не спакусіць гледача сваімі вельмі складанымі, музычна фармальнымі схемамі. Апавяданне занадта каштоўнае і абсурднае. Інтэрпрэтацыя, якой яно патрабуе, здаецца дылетанцкай»[64].

Фільм «Тры колеры: Сіні» здабыў ажно сем прызоў на 50-ым Венецыянскім кінафестывалі, у тым ліку галоўную ўзнагароду кінафестывалю — «Залатым ільвом». Апроч таго фільм быў удастоены трох прэмій «Сезар», трох намінацый на «Залаты глобус», намінацыі на Еўрапейскую кінапрэмію за найлепшы фільм і многіх іншых узнагарод[20].

Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм меў 21 узнагароду і 18 намінацый[20]:

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Сп.
Венецыянскі кінафестываль 31.08-11.09.1993 «Залаты леў» «Тры колеры: Сіні» Перамога [65]
«Кубак Вольпі» — найлепшая актрыса[uk] Жульет Бінош Перамога
«Залатая Азэла[en]» — найлепшая аператарская праца Славомір Ідзяк Перамога
«Залатая Хлапушка» — найлепшы фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога
Малы Залаты леў «Тры колеры: Сіні» Перамога
Прэмія OCIC «Тры колеры: Сіні» Перамога
Прэмія Пасінэці — найлепшая актрыса Жульет Бінош Перамога
Чыкагскі кінафестываль[en] 08-24.10.1993 Спецыяльны прыз журы «Тры колеры: Сіні» Перамога [66]
Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 11.12.1993 Найлепшая музыка Збігнеў Прайснер Перамога [37][67][68]
Найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» Намінацыя
Супольнасць ланцуга прэмій 1993 Найлепшая актрыса Жульет Бінош Намінацыя [69][70]
Найлепшая аператарская праца Славомір Ідзяк Намінацыя
Нацыянальнае таварыства кінакрытыкаў ЗША 03.01.1994[en] Найлепшы фільм на замежнай мове «Тры колеры: Сіні» Намінацыя [71]
Гоя 21.01.1994[en] Найлепшы еўрапейскі фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога [72]
Залаты глобус 22.01.1994[en] Найлепшая жаночая роля — драма[en] Жульет Бінош Намінацыя [38]
Найлепшая арыгінальная музыка[en] Збігнеў Прайснер Намінацыя
Найлепшы фільм на замежнай мове[en] «Тры колеры: Сіні» Намінацыя
Сезар 26.02.1994 Найлепшая актрыса Жульет Бінош Перамога [39]
Самая шматабяцальная актрыса[en] Фларанс Пернэль[en] Намінацыя
Найлепшы арыгінальны ці адаптаваны сцэнарый[en] Кшыштаф Кеслёўскі, Кшыштаф Пясевіч Намінацыя
Найлепшая музыка Збігнеў Прайснер Намінацыя
Найлепшы гук[en] Уільям Флажале[fr], Жан-Клод Ларо[fr] Перамога
Найлепшая аператарская праца[en] Славомір Ідзяк Намінацыя
Найлепшы мантаж[en] Жак Віта[fr] Перамога
Найлепшая рэжысура Кшыштаф Кеслёўскі Намінацыя
Найлепшы фільм «Тры колеры: Сіні» Намінацыя
Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў[en] 01.03.1994[ca] Найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога [73]
Тарнаўская кінапрэмія[pl] 09-13.03.1994[pl] Прыз глядацкіх сімпатый «Тры колеры: Сіні» Перамога
Спецыяльная ўзнагарода маладзёвага журы Збігнеў Прайснер Перамога
Сан Жордзі 30.05.1994 Найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога [74]
Найлепшая актрыса ў замежным фільме Жульет Бінош Перамога
Турыя[es] 01.07.1994 Галасаванне чытачоў — найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога [75]
Залаты жук[en] 31.10.1994[en] Найлепшы замежны фільм[en] «Тры колеры: Сіні» Намінацыя
Фелікс 27.11.1994 Найлепшы еўрапейскі фільм «Тры колеры: Сіні» Намінацыя [76]
Асацыяцыя пісьменнікаў і кінасцэнарыстаў Андалузіі 1994 Найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» Перамога [77]
Гільдыя нямецкага артхаус-кінематографа[de] 1994 Кінапрэмія гільдыі[de] — Замежны фільм — Золата «Тры колеры: Сіні» Перамога
Сярэбраная стужка 1994[it] Найлепшы дубляж[it] Алесандра Каромпай[it] (дубляж Жульет Бінош) Перамога
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі[en] 1995 Найлепшы замежны фільм «Тры колеры: Сіні» 2-е месца
20/20 27.02.2014 Найлепшы фільм на замежнай мове «Тры колеры: Сіні» Перамога [78][79]
Найлепшая жаночая роля Жульет Бінош Намінацыя
Найлепшая аператарская праца Славомір Ідзяк Намінацыя

Сімвалізм сіняга колеру

[правіць | правіць зыходнік]

Стывен Вудвард у сваім дэтальным аналізе фільма звярнуў увагу на нетрадыцыйнасць, з якой Кеслёўскі трактуе асноўны колер з пункту гледжання яго сімволікі. Вудвард адзначыў, што ў бальнічнай сцэне «ўлічваючы асацыяцыі сіняга святла і пахавальнай музыкі, сіні, здаецца, утрымлівае агульнапрыняты сэнс жалобы і дэпрэсіі»[80]. Тым не менш, музычнае суправаджэнне падкрэслівае ўсё большую барацьбу Жулі з мелодыяй, якая нагадвае ёй пра пачуццё жалобы[81]; сімволіка сіняга колеру спалучаецца з такімі рэквізітамі, як напоўнены вадой басейн, у які гераіня пагружаецца, каб заглушыць гук мужавай кампазіцыі[82]. Але мелодыя «па-ранейшаму цячэ», пачуццё жалобы заглушыць не атрымоўваецца, і Жулі паддаецца гэтаму пачуццю ў фінальнай сцэне, вытрыманай у сініх танах[83].

Інтэрпрэтацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Славай Жыжак заўважыў, што лозунг «Свабода, роўнасць, братэрства», які выкарыстоўваецца ў трылогіі «Тры колеры», нельга адрываць ад хрысціянскіх багаслоўскіх цнотаў — веры, надзеі і любові. Паводле Жыжака, «Сіні» звязвае свабоду і любоў. «Свабода з’яўляецца сапраўдным вызваленнем толькі тады, калі яна падтрымліваецца Любоўю, любасным прыняццем іншых (у „Сінім“ Жулі праходзіць шлях ад халоднай, абстрактнай свабоды да рэальнай свабоды ў любові да іншых)»[84]. Гэтая Любоў, аднак, набывае спецыфічную форму, бо апошні «сексуальны акт, падчас якога Жулі даходзіць да прасвятлення, пастаўлены як яе ўласная самотная фантазія, падзея падобная на сон, якая на самай справе не звязана з кантактам з іншым чалавекам»[85]. Славенскі псіхааналітык таксама сцвярджаў, што Жулі доўгі час фетышызавала ідэалізаваную памяць пра свайго мужа, якая абясцэнілася весткай пра яго здраду ёй. Такім чынам, «Сіні», паводле слоў Жыжэка, «фільм не пра жалобу, а пра стварэнне ўмоў для жалобы: толькі ў апошняй сцэне фільма Жулі можа пачаць пераадоленне жалобы»[86].

Эма Уілсан разглядала «Сіні» як твор постмадэрнісцкага мастацтва, які адлюстроўвае змест філасофскай канцэпцыі Фрэдрыка Джэймісана[en]. Паводле Уілсан, «фільм ставіць пад сумненне патэнцыял свайго асяроддзя і паказвае, якім чынам сугестыўная моц […] вобразаў пакуты аказалася выцеснена»[87]. Пол Коўтс пісаў, што «Сіні» «абвяшчае форму трылогіі ў яе трохчасткавай схеме: ад першаснага насілля — насілля, якое звязана з усімі нараджэннямі, — да фіналу, якім з’яўляецца любоў; насілле і любоў элегантна закрываюць пустэчу і няяснасць, якія бянтэжаць Жулі»[88].

  1. а б Three Colors: Blue (1993) — Box Office Mojo (англ.). «Box Office Mojo». Праверана 21 лістапада 2019.
  2. а б Trois couleurs: Bleu (1993) — JPBox Office (фр.). Сайт «JPBox Office». Праверана 21 лістапада 2019.
  3. Unifrance — 1949. Праверана 17 кастрычніка 2020.
    <a href="?x=http://be.wikipedia.orghttps://wikidata.org/wiki/Track:Q1516429"></a>
  4. http://www.zelluloid.de/filme/index.php3?id=2288 Праверана 18 сакавіка 2018.
  5. а б в Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 17 чэрвеня 2022.
    <a href="?x=http://be.wikipedia.orghttps://wikidata.org/wiki/Track:Q37312"></a>
  6. а б http://www.imdb.com/title/tt0108394/ Праверана 13 мая 2016.
  7. http://www.filmaffinity.com/es/film597294.html Праверана 13 мая 2016.
  8. а б в г http://stopklatka.pl/film/trzy-kolory-niebieski Праверана 13 мая 2016.
  9. а б в г д е ё https://web.archive.org/web/20200329091422/https://europeanfilmawards.eu/en_EN/film/three-colours-blue.5386 Праверана 29 сакавіка 2020.
  10. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х http://www.imdb.com/title/tt0108394/fullcredits Праверана 13 мая 2016.
  11. а б в http://www.adorocinema.com/filmes/filme-8291/ Праверана 13 мая 2016.
  12. http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=8291.html Праверана 13 мая 2016.
  13. а б в Unifrance — 1949. Праверана 18 кастрычніка 2020.
    <a href="?x=http://be.wikipedia.orghttps://wikidata.org/wiki/Track:Q1516429"></a>
  14. Votes for Three Colours Blue (1993) (англ.)(недаступная спасылка). Сайт Брытанскага інстытута кіно. Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2019. Праверана 14 снежня 2019.
  15. Krzysztof Kieslowski's Acclaimed Films (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «TSPDT». Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2020. Праверана 14 снежня 2019.
  16. а б Trois couleurs: Bleu — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 7 мая 2019.
  17. Three Colors: Blue, Bonus Features: Commentary by Anne Insdorf, A Look at «Blue»
  18. а б в г д е ё ж з і Annette Insdorf. «Double Lives, Second Chances» 1999.
  19. а б в г Trois couleurs: Bleu — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 7 мая 2019.
  20. а б в Trois couleurs: Bleu — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 7 мая 2019.
  21. Trois couleurs Bleu — Juliette Binoche: The Art of Being (англ.)(недаступная спасылка). Сайт Жульет Бінош. Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2019. Праверана 29 лістапада 2019.
  22. Паводле гутаркі Кшыштафа Пясевіча для Télérama, верасень 1993 года.
  23. а б в «Krzysztof Kieslowski: Textes réunis et présentés par Vincent Amiel» 1997.
  24. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 223.
  25. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 220.
  26. Transcript of the Guardian Interview with Juliette Binoce at BFI Southbank, London (англ.). Сайт «The Guardian» (2 верасня 2008). Праверана 11 лістапада 2019.
  27. а б Gilles Médioni, Dominique Simonnet. Krzysztof Kieslowski: "J'arrête. J'en ai assez du cinéma, je n'en peux plus" (фр.). Сайт часопіса «L’Express[en]» (1 верасня 1994). Архівавана з першакрыніцы 4 студзеня 2022. Праверана 4 сакавіка 2022.
  28. «After Kieślowski: The Legacy of Krzysztof Kieślowski» 2009, p. 152.
  29. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 202.
  30. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 215—216.
  31. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993.
  32. Паводле гутаркі Жан-Клода Ларо для Télérama, верасень 1993 года.
  33. Першае пасланне да Карынцянаў // Новы Запавет / Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. — Мінск: Про Хрысто, 2017. — С. 398—399. — 688 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-7074-80-8.
  34. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 224.
  35. Geoffrey Macnab, Chris Darke. Working with Kieślowski // Sight and Sound. — 1996. — Т. 6. — № 5. — С. 20.
  36. Film Music: Screencraft 2000.
  37. а б 19th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.). Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 29 лістапада 2019.
  38. а б Winners & Nominees: Three Colours: Blue (Trois couleurs: Bleu) (англ.). Афіцыйны сайт кінапрэміі «Залаты глобус». Праверана 1 мая 2019.
  39. а б Palmarès 1994 — 19ème Cérémonie des César (фр.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт «Акадэміі мастацтваў і тэхналогій кінематографа». Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2019. Праверана 1 мая 2019.
  40. Trois Couleurs: Bleu (Original Film Soundtrack) – Zbigniew Preisner (англ.). AllMusic. Праверана 25 лістапада 2019.
  41. Złote płyty CD — Archiwum — przyznane w 1996 roku (польск.). Związek Producentów Audio-Video. Праверана 29 лістапада 2019.
  42. Platynowe płyty CD — Archiwum — przyznane w 1996 roku (польск.). Związek Producentów Audio-Video. Праверана 29 лістапада 2019.
  43. Zbigniew Preisner – Trois Couleurs: Bleu (Bande Originale Du Film) (англ.). Discogs. Праверана 25 лістапада 2019.
  44. 29th Chicago International Film Festival: The Week's Worth (англ.). «Chicago Reader» (7 кастрычніка 1993). Праверана 25 лістапада 2019.
  45. Trois couleurs: Bleu (1993) — JPBox Office (фр.). Сайт «JPBox Office». Праверана 21 лістапада 2019.
  46. Harvey Weinstein. In Memoriam - Krzysztof Kieslowski: To Smoke and Drink in L.A.(англ.) // Premiere. — June 1996. — В. 10. — Т. 9. — P. 35-37. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2022.
  47. Blue (1993) — Krzysztof Kieslowski (англ.). «AllMovie». Праверана 1 мая 2019.
  48. Marcus Trower. Three Colours: Blue Review (англ.). «Empire» (27 студзеня 2006). Праверана 1 мая 2019.
  49. Three Colours: Blue (1993) — FilmAffinity (англ.). «FilmAffinity». Праверана 3 ліпеня 2019.
  50. а б Trois couleurs: Bleu Reviews — Metacritic (англ.). «Metacritic». Праверана 11 лістапада 2019.
  51. а б Роджэр Эберт. Blue Movie Review & Film Summary (1994) — Roger Ebert (англ.). Роджэр Эберт (11 лютага 1994). Праверана 1 мая 2019.
  52. а б Three Colors: Blue (Trois Couleurs: Bleu) (1993) — Rotten Tomatoes (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 11 лістапада 2019.
  53. Три цвета: Синий — КиноПоиск (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 5 жніўня 2019.
  54. Роджэр Эберт. Three Colors Trilogy: Blue, White, Red Movie Review — Roger Ebert (англ.). Роджэр Эберт (9 сакавіка 2003). Праверана 1 мая 2019.
  55. Hal Hinson. 'Blue' (англ.). Сайт «Washington Post» (4 сакавіка 1994). Праверана 4 лістапада 2019.
  56. Harlan Kennedy. «Review: Mostra happy fella» 1993.
  57. David Sterritt. «Review» 1994.
  58. Dave Kehr. «To Save the World: Kieślowski's THREE COLORS Trilogy» 1993.
  59. Emma Wilson. «Three Colours: Blue: Kieslowski, colour and the postmodern subject» 1998.
  60. а б Lisa Nesselson. Three Colors: Blue (англ.). Сайт «Variety» (14 верасня 1993). Праверана 4 лістапада 2019.
  61. Derek Malcolm. Three Colours Blue — review (англ.). Сайт «The Guardian» (14 кастрычніка 1993). Праверана 3 ліпеня 2019.
  62. Adam Mars-Jones. FILM / Surviving the guillotine: Adam Mars-Jones reviews Three Colours Blue by Krzysztof Kieslowski (англ.). Сайт «The Independent» (15 кастрычніка 1993). Праверана 14 снежня 2019.
  63. Jean Beaulieu. «La vie en bleu» 1994.
  64. Vincent Canby. Review/Film; 'Blue,' the First Installment of a Tricolor Trilogy (англ.). Сайт «The New York Times» (4 снежня 1993). Праверана 15 снежня 2019.
  65. 50. Mostra Internazionale d’Arte Cinematografica (італ.)(недаступная спасылка). la Biennale di Venezia: Archivio Storico delle Arti Contemporanee. Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2022. Праверана 7 мая 2019.
  66. Jonathan Rosenbaum. 29th Chicago International Film Festival: Mired in the Present (англ.). «Chicago Reader» (7 кастрычніка 1993). Праверана 25 лістапада 2019.
  67. David J. Fox, Charles Champlin. L.A. Critics Pick ‘Schindler’s List’ as Best Picture : Awards: Best director honors, however, go to Jane Campion for ‘The Piano,’ which wins in five categories. Anthony Hopkins and Holly Hunter win acting nods. (англ.). «Los Angeles Times» (13 снежня 1993). Праверана 29 лістапада 2019.
  68. 'Schindler,' 'Piano' top L.A. critics' awards (англ.). «Baltimore Sun» (13 снежня 1993). Праверана 29 лістапада 2019.
  69. ACCA 1993 (англ.). Сайт Супольнасці ланцуга прэмій. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2019.
  70. Awards Circuit Community Awards (1993) (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 26 жніўня 2021.
  71. Past Awards — National Society of Film Critics (англ.). Сайт Нацыянальнага таварыства кінакрытыкаў ЗША. Праверана 26 жніўня 2021.
  72. Goya Awards (1994) - Spain (англ.). «FilmAffinity». Праверана 3 ліпеня 2019.
  73. Premios del CEC a la producción española de 1993 (ісп.)(недаступная спасылка). Сайт Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў[en]. Архівавана з першакрыніцы 6 мая 2021. Праверана 7 верасня 2021.
  74. Edición del martes, 31 mayo 1994, página 53 (ісп.). «La Vanguardia» (31 мая 1994). Праверана 23 лістапада 2019.
  75. III Premis Turia 1994. Сайт «Cartelera Turia». Праверана 3 ліпеня 2019.
  76. European Film Academy: Nominations 1994 (англ.). Афіцыйны сайт Еўрапейскай кінаакадэміі. Праверана 29 лістапада 2019.
  77. 1994: XII PREMIOS ASECAN (ісп.). Блог Асацыяцыі пісьменнікаў і кінасцэнарыстаў Андалузіі (1 мая 2001). Праверана 26 жніўня 2021.
  78. 2014 Nominees – 5th Annual 20/20 Awards (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «20/20 Awards». Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2019. Праверана 1 мая 2019.
  79. The 5th Annual 2020 Award Winners Announced (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «20/20 Awards» (27 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2017. Праверана 1 мая 2019.
  80. Steven Woodward. «Blue, on second thought» 2017, p. 64.
  81. Steven Woodward. «Blue, on second thought» 2017, p. 66.
  82. Steven Woodward. «Blue, on second thought» 2017, p. 67.
  83. Steven Woodward. «Blue, on second thought» 2017, p. 68.
  84. Slavoj Žižek. «The Fright of Real Tears: Krzysztof Kieślowski Between Theory and Post-theory» 2001, p. 155.
  85. Slavoj Žižek. «The Fright of Real Tears: Krzysztof Kieślowski Between Theory and Post-theory» 2001, p. 163.
  86. Slavoj Žižek. «The Fright of Real Tears: Krzysztof Kieślowski Between Theory and Post-theory» 2001, p. 167.
  87. Emma Wilson. «Three Colours: Blue: Kieslowski, colour and the postmodern subject» 1998, p. 356.
  88. Paul Coates. «Kieślowski and the Antipolitics of Color: A Reading of the "Three Colors" Trilogy» 2002, p. 50.