Абенакі
ăbnäˈkē | |
Агульная колькасць | 12000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада ЗША |
Мова | абенакі |
Рэлігія | анімізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | малісіт, пасамакуоды, пенабскот, мікмак |
Абенакі, або абнакі (саманазва: ăbnäˈkē) — усходняя група алганкінаў, карэнныя жыхары ўсходу Канады і ЗША. У нашы дні вызначаюцца як асобны народ у Канадзе і Вермонце (ЗША). Агульная колькасць - каля 12 000 чал.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытныя алганкіны, продкі абенакі, мігрыравалі на ўсход ЗША і Канады каля 3000 - 2500 гадоў таму. Да прыходу еўрапейцаў яны падзяляліся на асобныя плямёны і разам з блізкімі па мове і культуры мікмак, пасамакуоды і малісіт складалі асобную канфедэрацыю Вабанакі. Яе назва стала вытворнай у дачыненні да назвы абенакі. Ужо да прыходу еўрапейцаў абенакі знаходзіліся ў варожых адносінах да іракезаў, чыя міграцыя на поўнач прыводзіла да згубы заходніх тэрыторый і разрыву з астатнімі алганкінамі[1]. Археолагі выявілі, што суседства абенакі і іракезаў мела месца не толькі на захадзе, але і на поўдні[2].
Каля 1600 г. плямёны абенакі падзяляліся на 2 масіва — заходні і ўсходні. Усходнія абенакі (пенабскот, кенебек, адраскогін, аданак, квапахаг і інш.) жылі на тэрыторыі сучасных штатаў Мэн, Вермонт, Нью-Гэмпшыр. Заходнія абенакі (сакокі, кавасук, місіквоі, пеквакет, вініпесаўкі, вавенок і інш.) насялялі поўнач Новай Англіі, поўдзень Квебека, атлантычнае ўзбярэжжа паўднёвага ўсходу Канады. Колькасць усходніх абенакі дасягала 12 000 чалавек, заходніх — 10 000 чалавек.
Першыя кантакты з еўрапейцамі прывялі да распаўсюдання эпідэмічных захворванняў і хуткага вымірання значнай колькасці насельніцтва. Гэта ў сваю чаргу прывяло да распаду традыцыйных племянных груп, фарміравання новых саюзаў і ўнутраных міграцый. У барацьбе з іракезамі абенакі былі вымушаны абапірацца на падтрымку французскіх каланістаў і захоўваць варожыя адносіны ў дачыненні да брытанскіх перасяленцаў. Падчас вайны за незалежнасць ЗША ўсходнія абенакі падтрымалі амерыканскіх паўстанцаў. Пасля заканчэння Сямігадовай вайны заходнія абенакі апынуліся на землях, што фармальна лічыліся калоніяй Вялікабрытаніі. Каралеўская пракламацыя Георга III (1763 г.)[3] спыняла некантраляваны захоп індзейскіх тэрыторый, але на працягу другой паловы XVIII - пачатку XX стст. яны значна скараціліся.
У нашы дні абенакі прызнаны карэннымі насельнікамі Канады. На тэрыторыі Квебека створаны 2 рэзервацыі. Акрамя таго, асобныя групы абенакі жывуць у іншых правінцыях гэтай дзяржавы і карыстаюцца дзяржаўнымі землямі, перададзенымі ім па пагадненню.
У 1976 г. абенакі былі прызнаны асобным народам губернатарам штата Вермонт, аднак у 1977 г. гэта прызнанне было адменена[4]. 7 мая 2012 г. штат Вермонт канчаткова прызнаў нацыю абенакі[5], што гарантуе прадстаўнікам трох груп гэтага народа пэўную аўтаномію.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Да XVII ст. абенакі вялі вандроўны лад жыцця, сезонна перамяшчаліся ўздоўж рэк, узбярэжжа акіяна і азёр. Галоўнымі заняткамі былі рыбалоўства, збор малюскаў, лясных арэхаў і ягад, паляванне. Было вядома земляробства, якое адыгрывала значную ролю на поўдні. Вырошчвалі кукурузу, тытунь і бабовыя[6]. Рамяство не было адмежавана ад іншых традыцыйных форм гаспадарання. Абенакі выраблялі зброю, каркасныя лодкі, хатняе начынне, кераміку. Шырока выкарыстоўваліся бярозавая кара і дзёгаць.
Гандаль паміж рознымі вандроўнымі групамі не меў вялікай эзначнасці. Аднак з пачатку кантактаў з еўрапейцамі абмен скур і футраў дзікіх жывёл на прамысловыя тавары прывёў да падвышэння ролі палявання і ў выніку — да Бабровых войн. Вынішчэнне футравых жывёл абясцэніла лясныя землі ў вачах правадыроў, так што яны лёгка ішлі на продаж земляў каланістам. Ужо ў XIX ст. многія абенакі працавалі ў якасці наёмных рабочых у дробнай прамысловасці, лесапільнях, выраблялі на продаж лодкі, скураны абутак, кошыкі, дзёгаць і попел.
Абенакі жылі ў сталых вёсках уздоўж рэк, каля якіх ладзіліся палеткі, а таксама ў часовых сезонных паселішчах. Асноўным традыцыйным жытлом з'яўляўся каркасны вігвам. Ён мог умяшчаць да некалькі дзесяткаў чалавек. У часовых паселішчах найчасцей усталёўвалі лёгкія каркасныя буданы. Пасля кантактаў з еўрапейцамі таксама будавалі бервяныя і каркасныя хаты. У Новай Францыі з дапамогай ваенных будавалі бервяныя крэпасці[7].
Традыцыйная мужчынская летняя вопратка ўключала насцегнавыя повязі, счэпленыя скураным рамянём. Да іх маглі дадавацца вузкія скураныя штаны з махрамі. Жанчыны насілі скураныя спадніцы, сукенкі, кароткія штаны. Звычайным абуткам былі высокія макасіны з доўгім языком. Узімку выкарыстоўвалі снегаступы і плашчы. Мужчыны і жанчыны апраналі капелюшы.
Хаця ў літаратуры распаўсюджаны ўзгадкі пра плямёны, гэты тып арганізацыі быў практычна не вядомы абенакі. Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўляўся род, які займаў цэлую сталую вёску, складаўся з малых нуклеарных сем'яў і кіраваўся правадыром сагамор. У буйных родах магло мецца адначасова 2 правадыра. Яны сумяшчалі ваенныя, палітычныя і рэлігійныя функцыі. Часам другі правадыр прадстаўляў апазіцыю першаму. Роды ўваходзілі ў склад канфедэрацыі Вабанакі. Забараняліся эндагамныя шлюбы[8], былі пашыраны палігінія, левірат, сарарат. Блізкія сваякі адыгрывалі значную ролю ў выхаванні дзяцей. Мужчыны заключалі сяброўскія саюзы, што падтрымоўваліся на працягу жыцця і часам лічыліся больш важнымі, чым сваяцкія.
Фальклор абенакі вядомы сваімі казкамі, міфамі, легендамі, генеалагічнымі і гістарычнымі паданнямі. Папулярны цыкл смешных гісторый пра прыгоды Глускабэ[9]. Танцы мелі цырыманіяльны характар.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Старажытныя релігійныя вераванні абапіраліся на веру ў багоў, духаў, шматлікіх чарадзейных істот. У міфалогіі гісторыя сусвету падзялялася на 3 перыяды, у выніку якіх чалавек адасобіўся ад свету жывёл. Сакральныя функцыі звычайна належалі правадыру сагамор. Шаманская практыка засноўвалася на патаемным мастацтве лекавання мідэвівін.
З XVII ст. пашырана хрысціянства. Большасць вернікаў — каталікі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова абенакі належыць да алганкінскай групы моў. У нашы дні знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Большасць носьбітаў жыве ў Квебеку.
Зноскі
- ↑ Gary W. Crawford and David G. Smith, MIGRATION IN PREHISTORY: PRINCESS POINT AND THE NORTHERN IROQUOIAN CASE
- ↑ UVM Archaeologist Suggests Abenaki Had Company in Pre-European Vermont
- ↑ Royal Proclamation, 1763 Архівавана 16 красавіка 2015.
- ↑ Vermont Finally Recognizes the Abenaki
- ↑ STATE RECOGNIZED TRIBES
- ↑ Christopher McGrory Klyza, Stephen C. Trombulak, The Story of Vermont: A Natural and Cultural History б p. 51
- ↑ Archeological dig reveals Abenaki fortress in Quebec
- ↑ Abenaki - Marriage and Family
- ↑ Native American Indian Legends - Gluskabe Changes Maple(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2017. Праверана 5 кастрычніка 2016.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Абенакі на Вікісховішчы |