У 1917 узначаліў партыю Шын Фэйн і патрыятычную вайсковую арганізацыю «Ірляндзкія валянтэры». У 1919—1922 — прэзыдэнт і кіраўнік урада, дамагаўся нацыянальнай незалежнасьці Ірляндыі. У пэрыяд Грамадзянскай вайны 1922—1923 узначальваў войскі рэспубліканцаў супраць прыхільнікаў англа-ірляндзкага дагавору 1921, па якім Паўночная Ірляндыя засталася пад уладай англічан, а астатняя частка краіны абвяшчалася брытанскім дамініёнам. У 1927 годзе, выйшаўшы з Шын Фэйн, увайшоў у парлямэнт дамініёна ў якасьці кандыдата створанай ім у 1926 партыі «Фіяна Файл». У 1932—1948 кіраўнік ірляндзкага ўраду і міністар замежных справаў. Праводзіў курс, накіраваны на заахвочваньне разьвіцьця нацыянальнай эканомікі і паслабленьне яе залежнасьці ад брытанскіх манаполіяў і разам з тым на ўціск дэмакратычных свабодаў ўнутры краіны. У гады 2-й сусьветнай вайны 1939—1945 урад дэ Валеры абвясьціў нэўтралітэт. У 1951—1954 і ў 1957—1959 Дэ Валера прэм’ер-міністар Ірляндзкай рэспублікі; палітыка ягонага ўраду была накіравана на актыўнае прыцягненьне ў эканоміку краіны замежнага капіталу і ў той жа час на недалучэньне да ваенна-палітычных блёкаў. З 1959 — прэзыдэнт Ірляндзкай рэспублікі.