Гардыян I
Марк Антоній Гардыян Семпраніян Раман Афрыкан | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Marcus Antonius Gordianus Sempronianus Romanus Africanus | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
159 |
||||||
Смерць |
12 красавіка 238 |
||||||
Род | Gordian dynasty[d] | ||||||
Бацька | Maecius Marullus[d] | ||||||
Маці | Ulpia Gordiana[d] | ||||||
Жонка | Fabia Orestilla[d] | ||||||
Дзеці | Гардыян II[1] і Maecia Faustina[d] | ||||||
Веравызнанне | старажытнарымская рэлігія | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Марк Антоній Гардыян Семпраніян Раман Афрыкан (лац.: Marcus Antonius Gordianus Sempronianus Romanus Africanus), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Гардыян I — рымскі імператар у 238 годзе.
Прадстаўнік малаазіяцкай правінцыйнай ці рымскай шляхты. У кіраванне Геліягабала Гардыян быў консулам-суфектам, у 237—238 гадах займаў пасаду праконсула Афрыкі. У 238 годзе ён стаў прэтэндэнтам на імператарскі трон ад багатых афрыканскіх землеўласнікаў. Гардыян атрымаў падтрымку сената і зрабіў суправіцелем свайго сына, які насіў тое ж імя — Гардыяна II. Апошні паў у Карфагена ў бітве супраць нумідыйскага легіёна, які захаваў вернасць тагачаснаму імператару Максіміну Фракійцу. Пасля гэтага Гардыян I скончыў з сабой[2].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Жыццё да прыняцця ўлады
[правіць | правіць зыходнік]Вельмі мала вядома пра паходжанне і ранняе жыццё імператара Гардыяна I. Будучы імператар Марк Антоній Гардыян Семпраніян нарадзіўся прыблізна ў 158 ці каля 159 года[3][4]. Па ўсёй бачнасці, ён прыналежаў да шляхетнай і багатай сям’і, аднак верагодных дадзеных пра яго сям’ю няма[4]. На думку гісторыка Аляксандра Кандукі, род Гардыяна быў вершніцкім[5]. У падтрымку той думкі, што Гардыян ставіўся да сенатарскага саслоўя, не прыводзіцца ніякіх надзейных довадаў[4]. Але тым не менш да канца свайго жыцця Гардыян парадніўся з вядомымі сенатарскімі сем’ямі[6]. Грэчаскі гісторык III стагоддзя Герадыян піша, што Гардыян быў «добрага паходжання»[7]. Аднак магчымае, што сям’я Гардыяна была злучана з бачнымі родамі з грэчаскага ўсходу, чые прадстаўнікі займалі высокія палітычныя пасады ў II стагоддзі[8].
Номен і прэномен Гардыяна Марк Антоній паказваюць на тое, што яго продкі атрымалі рымскае грамадзянства яшчэ ў эпоху Рымскай рэспублікі ад члена Другога трыўмвірату Марка Антонія ці адной з яго дачок[6]. Кагномен Гардыян (магчыма, які ўзыходзіў да назвы малаазіяцкага горада Гордзій) паказвае на анаталійскае паходжанне яго сем’і, асабліва з Галатыі і Кападокіі[9][2].
Згодна «Гісторыі Аўгустаў», яго маці была Ульпія Гардыяна, а бацькам рымскі сенатар Мецый Марул[10]. Тая ж крыніца піша, што па бацькаўскай лініі Гардыян вёў сваё паходжанне ад знакамітых рэспубліканскіх рэфарматараў братоў Гракхаў , а па матчынай — ад самога імператара Траяна[10]. Тым часам як сучасныя гісторыкі лічаць Мецыя Марула выдуманым персанажам (у прыватнасці, паводле іх думкі імя «Мецый» характэрна не для III стагоддзя, а для IV стагоддзя, калі стваралася «Гісторыя Аўгустаў»)[2], асоба яго маці можа быць больш рэалістычная. Сямейную гісторыю Гардыяна можна прасачыць па эпіграфічных дадзеных. Мянушкі Семпраніян і Раман могуць паказваць на сувязь з продкамі па матчынай лініі. У турэцкім горадзе Анкара быў знойдзены надмагільны надпіс нейкай Семпроні Раманы, дачкі імператарскага сакратара Семпронія Аквілы[6]. Рамана паставіла яе над магілай свайго мужа (чыё імя згублена), памерлага прэтара-дэсігната (то бок прызначанага ў прэтары)[4].
Французскі гісторык Крысціян Сеціпані лічыць яго бацькамі плебейскага трыбуна і прэтара-дэсігната Марка Антонія і дачку Ціта Флавія Семпронія Аквілы і Клаўдзіі Семпроніі Раманы. Маці Раманы Клаўдзія, у сваю чаргу, была дачкой Клаўдзіі Цізаменіды, сястры Герода Атыка[11]. Апроч таго, у адпаведнасці з «Гісторыяй Аўгустаў», жонкай Гардыяна была Фабія Арэсціла, якая з’яўлялася праўнучкай імператара Антаніна Пія[12]. Крысціян Сеціпані лічыць яе бацькамі консула-суфекта Марка Анія Севера і Сільвану, дачка Луцыя Плаўцыя Ламіі Сільвана і Аўрэліі Фадэлы, дочкі Антаніна Пія і Фаўсціны Старэйшай[11]. У іх шлюбе нарадзілася, прынамсі, двое дзяцей: Гардыян II і дачка Мецыя Фаўсціна, якая стала маці імператара Гардыяна III[4]. «Гісторыя Аўгустаў»[13] згадвае яшчэ пра аднаго сына Гардыяна I, але яго існаванне няможна як і адмаўляць, так і пацвярджаць[4].
Будучы імператар, па ўсёй бачнасці, ідэнтычны праконсулу Антонію Гардыяну, якому грэчаскі пісьменнік Філастрат Старэйшы прысвяціў сваю працу «Біяграфіі сафістаў»[4]. Філастрат заве яго нашчадкам знакамітага прамоўцу і сенатара грэчаскага паходжання Герода Атыка[14]. Дата нараджэння Гардыяна і інфармацыя пра дзяцей Герода дазваляе лічыць гэту сувязь малаімавернай, аднак ёсць дапушчэнне, што Філастрат казаў не пра Гардыяна Старэйшага, а пра яго сына. Гэта інтэрпрэтацыя азначае, што Гардыян I быў жанаты з ўнучкай Герода[15]. Аднак іншыя гісторыкі сцвярджаюць, што Філастрат паказваў не на біялагічнае сваяцтва, а на тое, што Гардыян, магчыма, навучаўся ў Герода Атыка (настаўнік як «бацька»)[4].
Гардыяну давялося прайсці праз шэраг пасад, перш чым ён увайшоў у склад рымскага сената. Яго палітычная кар’ера пачалася параўнальна позна[4], бо, меркавана, яго раннія гады прайшлі ў занятках па рыторыцы і вывучэнні літаратуры[6]. У «Гісторыі Аўгустаў» расказваецца пра тое, што Гардыян таксама быў квестарам , эдылам і прэтарам[16]. Вядома, што Гардыян камандаваў IV Скіфскім легіёнам , калі той дыслакаваўся ў правінцыі Сірыя[6]. Ён таксама займаў пасаду намесніка Ніжняй Брытаніі у 216 годзе, праконсула Ахаі каля 220 года і легата прапрэтара Сірыі пасля 222 года[17], быў консулам-суфектам (каля 221 года[3]) ў часы кіравання імператара Геліягабала[4]. Надпісы ў Брытаніі з яго імем былі часткова сцёртыя, што дае магчымасць выказаць здагадку пра некаторую незадаволенасць імператара ў адносінах да Гардыяна[18]. Заявы «Гісторыі Аўгустаў» пра тое, што Гардыян першым разам быў консулам з Каракалам, а ў другі — з Аляксандрам Северам, з’яўляюцца пладамі фантазій аўтара[4].
Гардыян у маладосці напісаў паэму пад назвай «Антанініяда» ў трыццаці кнігах, якая апісвала кіраванне Антаніна Пія і Марка Аўрэлія[19]. Гэты факт, а таксама прысвячэнне Гардыяну Філастратам свайго твора прымушаюць сцвярджаць, што Гардыян быў прадстаўніком інтэлектуалаў у рымскім урадзе і што, магчыма, у пасоўванні па службе яму дапамаглі яго літаратурныя таленты і дасягненні ў вобласці рыторыкі[20]. Апроч таго, Гардыян быў найбуйнейшым землеўласнікам свайго часу: «у правінцыях меў гэтулькі земляў, колькі не меў ніхто з прыватных асоб»[21].
Выгляд і асабістыя якасці
[правіць | правіць зыходнік]Адзінай крыніцай, што дае найболей поўнае апісанне характару і выгляду імператара Гардыяна I, з’яўляецца складанка імператарскіх біяграфій «Гісторыя Аўгустаў »:
«Ён быў звычайнага для рымлянаў узросту; у яго была прыгожая сівізна, велічны выгляд, колер твару — хутчэй чырвоны, чым белы; твар вельмі шырокі, выраз вачэй, абрысы рота і лба — выклікалі павагу, целасклад — трохі поўны. Ён адрозніваўся такім ураўнаважаным норавам, што яго няможна ўпікнуць ні ў адным учынку, які быў бы выкліканы гарачнасцю, нясціпласцю ці празмернасцю. Ён быў вылучна прывязаны да сваіх блізкіх, сілкаваў бязмежнае каханне да сына і ўнука, поўнае глыбокай пашаны — да дачкі і ўнучкі <…> Ён быў устрыманы ва ўжытку віна, вельмі ўмераны ў ежы, насіў фарсістае адзенне, меў вялікі запал да купання, так што ўлетку купаўся па чатыры-пяць раз на дзень, а ўзімку — па два разы. У яго была вельмі вялікая патрэба ў сне, так што, абедаючы ў сяброў, ён без сарамлівасці засынаў у страўні. Гэта адбывалася, відаць не ад ап’янення ці няўстрыманасці, а ў сілу натуральнай патрэбы[22]».
На манетах Гардыян I намаляваны старым з тонкімі рысамі твару[2].
Кіраванне і самагубства
[правіць | правіць зыходнік]У апошні год кіравання імператара Аляксандра Севера Гардыян быў прызначаны на пост праконсула правінцыі Афрыка, выкананне абавязкаў якога ён пачаў у 237 годзе ў веку васьмідзесяці гадоў[23]. Да пачатку ўступу яго ў пасаду Аляксандр Север быў забіты ў Маганцыяку ў Ніжняй Германіі сваімі салдатамі, а на пасад уступіў Максімін Фракіец[24].
Максімін не быў папулярным імператарам, і яго дэспатычнае кіраванне, якое выклікала ўсеагульнае незадаволенасць, вылілася ў паўстанне ў Афрыцы ў 238 годзе[5]. Выдаткі на ўтрыманне вайны на дунайскай мяжы вымусілі Максіміна спаганяць усё большы падатак з рымскай арыстакратыі. Пракуратары адчувалі гэты ціск і, каб адправіць як мага больш грошай імператару, былі гатовы распачаць кожныя меры, як, прыкладам, накладанне буйных штрафаў і канфіскацыя маёмасці[4]. Гэтак жа справа ішла і ў Афрыцы. Мясцовы пракуратар не грэбаваў ніякімі сродкамі, збіраючы падаткі, бо жадаў адрозніцца перад Максімінам[25]. Абураныя яго жорсткімі мерамі маладыя людзі з мясцовай шляхты, якіх пракуратар абклаў штрафамі, паабяцалі яму аддаць грошы, але праз тры дні. Сабраўшы атрад з рабоў, яны заспелі знянацку і забілі пракуратара ў Тысдры[26]. Аднак потым яны зразумелі, убачыўшы разлады паміж прыхільнікамі Максіміна і мясцовымі жыхарамі, што трэба падняць паўстанне ва ўсёй правінцыі і знайсці новага імператара[2].
Каля Тысдры дэкурыён Маўрыцый прапанаваў абвясціць імператарам Гардыяна[27]. Тады бунтары скіраваліся да дома праконсула ў Тысдры і ўварваліся туды, скамячыўшы ахову. Яны знайшлі Гардыяна, які адпачываў у сваім ложку. Паўсталыя ж, абступіўшы яго, накінулі на яго пурпурны плашч і сталі называць Аўгустам. Спачатку Гардыян адмаўляўся, але неўзабаве саступіў, прыняўшы мянушку Афрыканскага[28]. Яго сын ганараваўся тых жа ўшанаванняў. Паўстанне пачалося пад канец зімы ці пачатку вясны 238 года[4]. Часам завецца канкрэтная дата пачатку кіравання Гардыяна: 19 сакавіка[2].
Некалькі дзён апасля Гардыян уступіў у сталіцу правінцыі Карфаген, дзе яго з запалам віталі як гарадскія жыхары, так і войскі, якія дыслакаваліся там[4]. Тады ў Рым была адпраўлена пасольства да сената на чале з будучым імператарам Публіем Ліцыніем Валерыянам[29]. 2 красавіка 238 года сенат прызнаў усе тытулы Гардыяна, абагавіў памерлага Аляксандра Севера, а Максіміна абвясціў ворагам народа[30]. Апроч таго, быў забіты прэфект прэторыя Віталіян, які з’яўляўся лютым прыхільнікам Максіміна[4]. Пра гэта захаваўся наступны аповед. Быў складзена падроблены ліст ад імя Максіміна. Квестар, якому быў даручана аднесці ліст, павінен быў паведаміць прэфекту яшчэ нейкую інфармацыю. Калі яны пайшлі ў аддалены порцік, Віталіян спытаў, што яму хацелі паведаміць. Квестар жа прапанаваў спачатку праверыць пячатку. У гэты час прэфекта і забілі[31]. Загінула і мноства іншых прыхільнікаў Максіміна, у тым ліку і прэфект Рыма Сабін. На загад сената быў сфармаваны камітэт з дваццаці кансуляраў , якім даручылі тэрыторыю Італіі для абароны ад меркаванага нападу Максіміна[2]. Усе правінцыйныя намеснікі, апроч панонскага, дакійскага і іспанскага, прысягнуліся на вернасць Гардыяну[2].
Аднак трыумф бацькі і сына доўжыўся нядоўга. Капелан, намеснік суседняй правінцыі Нумідыя, вены прыхільнік Максіміна, які трымаў крыўду на Гардыяна з-за адной судовай спрэчкі, уварваўся ў правінцыю Афрыка з адзіным легіёнам (III Аўгуставым ), дыслакаваным у гэтым рэгіёне, і нумідыйска-маўрытанскімі дапаможнымі часткамі[32][33][30]. Гардыян II на чале нешматлікіх салдатаў і недысцыплінаванага ўзбраення выступіў супраць Капеліяна, але, нягледзячы на лікавую перавагу, прайграў бітву пры Карфагене і быў забіты[30]. Пазнаўшы пра гэта, Гардыян I скончыў самагубствам, павесіўшыся на сваім поясе[5]. Па іншай версіі, ён павесіўся яшчэ да бітвы з Капеліянам, палічыўшы супраціўленне яму бессэнсоўным, а карфагенцы схавалі яго скон[34]. Гардыяны кіравалі дваццаць ці дваццаць два дні[35][36]. На гэтым фоне надпіс «Надзейнасць імператараў», адчаканеная на іх манетах, выглядае вельмі іранічна[2]. Увойдучы ў Карфаген, Капеліян пачаў забіваць многіх шляхетных грамадзян, якія прынялі ўдзел у паўстанні, а простых выганяць, дазволіўшы салдатам спальваць палі і вёскі, каб атрымаць іх прыхільнасць[37].
Прыняўшы бок Гардыяна, сенат быў змушаны працягнуць паўстанне супраць Максіміна Фракійца і прызначыў адразу двух імператараў — Пупіена і Бальбіна[33]. Тым не менш, да канца 238 года імператарам стаў Гардыян III, унук Гардыяна I[38]. Абодва Гардыяны былі абагаўлёныя на загад сената[39]. Гардыян заслужыў сваю рэпутацыю таварыскім характарам. Ён і яго сын захапляліся літаратурай і самі стваралі шматтамовыя працы. Але абодва яны былі хутчэй інтэлектуаламі, чым спрытнымі дзяржаўнымі дзеячамі ці моцнымі кіраўнікамі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Union List of Artist Names — 2014. Праверана 22 мая 2021.
- ↑ а б в г д е ё ж з Грант 1998.
- ↑ а б Lendering 2002.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Meckler 2001.
- ↑ а б в Canduci 2010, p. 63.
- ↑ а б в г д Birley 2005, p. 340.
- ↑ Геродиан. История императорской власти после Марка. VII. 5. 2.
- ↑ Glen W. Bowersock. Greek Sophists in the Roman Empire. — Oxford: Clarendon, 1969. — 17—29 p.
- ↑ Peuch, Bernadette. Orateurs et sophistes grecs dans les inscriptions d'époque impériale(фр.). — 2002. — С. 128.
- ↑ а б Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. II. 2.
- ↑ а б Christian Settipani. Continuité gentilice et continuité sénatoriale dans les familles sénatoriales romaines à l'époque impériale. 2000. p. 137.
- ↑ Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XVII. 4.
- ↑ Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. IV. 2.
- ↑ Филострат. Биографии софистов. Предисловие.
- ↑ Timothy D. Barnes. Philostratus and Gordian(англ.) // Latomus. — 1968. — № 27. — С. 587.
- ↑ Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. III. 4—5; IV. 1.
- ↑ Lendering, Jona.. Gordian I and Gordian II (англ.)(недаступная спасылка) (23 лістапада 2002). Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2013. Праверана 27 жніўня 2013.
- ↑ Birley 2005, p. 339.
- ↑ Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. III. 3.
- ↑ Glen W. Bowersock. Greek Sophists in the Roman Empire. — Oxford: Clarendon, 1969. — 43—58 p.
- ↑ Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. II. 3.
- ↑ Юлий Капитолин. „История Августов“. Трое Гордианов. VI. 1—7.
- ↑ Birley 2005, p. 333.
- ↑ Potter 2004, p. 167.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 4. 2.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 4. 3.
- ↑ Юлій Капіталін. «Гісторыя Аўгустаў». Трое Гардыянаў. VIII.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 5—7.
- ↑ Зосим. Новая история. I. 11.
- ↑ а б в Potter 2004, p. 170.
- ↑ Юлій Капіталін. «Гісторыя Аўгустаў». Трое Гардыянаў. X. 6—7.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 9. 3.
- ↑ а б Canduci 2010, p. 67.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 9. 4—5.
- ↑ Хранограф 354 года
- ↑ Іаан Занара. Скарачэнне гісторыі. XII. 17.
- ↑ Герадыян. Гісторыя імператарскай улады пасля Марка. VII. 9. 11.
- ↑ Canduci 2010, p. 68.
- ↑ Юлій Капіталін. «Гісторыя Аўгустаў». Трое Гардыянаў. XVI. 4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Першасная літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аврелий Виктор. Гордиан, Пупиен и Бальбин. // О цезарях.
- Юлий Капитолин. История Августов // Трое Гордианов. — М.: Наука, 1992.
- Геродиан. История императорской власти после Марка // Книга VII.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]- Грант, М. Римские императоры. Гордиан I. — 1998.
- Southern, Pat. The Roman Empire from Severus to Constantine. — London, New York: Routledge, 2001.
- Potter, David Stone. The Roman Empire at Bay, AD 180-395. — Routledge, 2004.
- Birley, Anthony. The Roman government of Britain. — Oxford University Press, 2005.
- Meckler, Michael.. Gordian I (238 A.D.) (англ.). An Online Encyclopedia of Roman Emperors (23 лістапада 2001). Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2013. Праверана 30 студзеня 2017.
- Canduci, Alexander. Triumph & Tragedy: The Rise and Fall of Rome's Immortal Emperors. — 2010.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Манеты Гардыяна I (англ.). Праверана 27 жніўня 2013.