Таварыства ўласьнікаў жытла
Падкляса ад | карпарацыя, некамэрцыйная арганізацыя |
---|---|
Кароткая назва | ТУЖ, ТСЖ, HOA |
Сфэра дзейнасьці | камунальная гаспадарка |
Вырабляе | жыльлёва-камунальныя паслугі |
Асноўны рэгулюючы тэкст | Закон Японіі аб долевай уласнасьці на будынак, Закон Паўднёвай Карэі аб супольнай уласнасьці і кіраваньні будынкамі, Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь |
Выкарыстоўвае | жытло |
Таварыства ўласьнікаў жытла (ТУЖ) — некамэрцыйная арганізацыя ўдзельнікаў сумеснага домаўладаньня.
Ствараецца на прапанову забудоўніка жылога дома падчас будаўніцтва, мясцовага выканаўчага камітэту або ўдзельнікаў сумеснага домаўладаньня. Маёмасьць ТУЖ утвараецца за кошт аказаньня жыльлёва-камунальных паслугаў і іншых даходаў ад дзейнасьці, абавязковых плацяжоў удзельнікаў, мэтавых, сяброўскіх і ўступных унёскаў, а таксама дзяржаўных страхавых парукаў. Найвышэйшым органам кіраваньня служыць агульны сход або сход упаўнаважаных, які абірае ўправу і яе старшыню, а таксама рэвізійную камісію. Сябрамі ТУЖ могуць быць грамадзяне і юрыдычныя асобы[1].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сход. Склікаецца штогод. Правамоцны пры ўдзеле звыш паловы ўдзельнікаў ТУЖ. Усталёўвае памеры, склад і парадак сплаты ўнёскаў. Вызначае колькасны склад Управы. Абірае Ўправу са старшынёй на 5 гадоў і Рэвізійную камісію на тры гады. Зацьвярджае штогадову справаздачу аб працы Ўправы і гадавую бухгальтарскую справаздачнасьць на падставе заключэньня Рэвізійнай камісіі або аўдытарскага заключэньня. Ухваляе штогадовы каштарыс даходаў і выдаткаў, у тым ліку на ўтрыманьне Ўправы і Рэвізійнай камісіі, аплату працы і страхавую абарону іншых працаўнікоў. Прымае рашэньне аб разьмяшчэньні ўнёскаў на капітальны рамонт ва ўклады.
- Управа. Засядае штоквартал. Абіраецца Сходам на 5 гадоў. Правамоцная пры ўдзеле звыш паловы сябраў. Ухваляе рашэньні простай большасьцю галасоў. Вядзе ўлік сябраў і маёмасьці, даходаў і выдаткаў ТУЖ. Разглядае звароты сябраў і працаўнікоў ТУЖ. Ладзіць гаспадарчую дзейнасьць таварыства.
- Старшыня. Абіраецца Сходам на 5 гадоў. Вядзе ўлік і ладзіць выкананьне рашэньняў Сходу і Ўправы. Заключае дамовы і пагадненьні ад імя ТУЖ. Зацьвярджае службовыя інструкцыі працаўнікоў і штатны расклад пасьля ўзгадненьня са Сходам. Прымае на працу супрацоўнікаў і прымае да іх захады заахвочваньня. Прадстаўляе зацікаўленасьці таварыства перад іншымі ўстановамі і выдае даверанасьць на іх прадстаўленьне. Падпісвае плацежныя дакумэнты.
- Рэвізійная камісія. Абіраецца ў складзе прынамсі трох асобаў на тры гады. Сочыць за выкананьнем заканадаўства аб фінансавай дзейнасьці Ўправай і яе старшынёй, а таксама сябрамі таварыства. Штогод правярае гаспадарчую дзейнасьць ТУЖ. Дае заключэньне Сходу наконт справаздачы Ўправы і яе старшыні. Робіць справаздачу перад Сходам аб сваёй дзейнасьці[1].
Абавязкі і правы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Таварыства ўласьнікаў жытла абавязвалася забясьпечыць:
- абслугоўваньне нерухомасьці і прысядзібнай дзялянкі;
- захаванасьць агульнай маёмасьці сумеснага домаўладаньня;
- захаваньне зацікаўленасьцяў сябраў ТУЖ пры вызначэньні ўмоваў і парадку валоданьня, карыстаньня і распараджэньня агульнай маёмасьцю, гаспадарчай дзейнасьці і разьмеркаваньні між сябрамі ТУЖ выдаткаў на ўтрыманьне і бягучы рамонт агульнай маёмасьці;
- унясеньне платы за капітальны рамонт[1].
Таварыства ўласьнікаў жытла мае права:
- атрымаць і добраўпарадкаваць зямельную дзялянку, а таксама ажыцьцяўляць будаўніцтва на ёй;
- узводзіць дадатковыя пабудовы;
- абслугоўваць агульную маёмасьць сумеснага домаўладаньня ўласнымі сіламі і заключаць дамовы газа-, цепла- і электразабесьпячэньня з жыльлёва-камунальнымі гаспадаркамі;
- усталёўваць памер абавязковых плацяжоў і ўнёскаў;
- атрымліваць пазыку ў банку;
- абскардзіць рашэньне ўстановы і дзеяньне службоўца, што парушае правы сябраў ТУЖ;
- разьмяшчаць унёскі на капітальны рамонт ва ўклады;
- уступаць у саюзы ТУЖ[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жыльлёвы кодэкс Беларусі 2012 году прадугледжваў магчымасьць ствараць таварыствы ўласьнікаў жытла (ТУЖ). Паводле 156-га артыкула Кодэксу, удзельнікі сумеснага домаўладаньня з прынамсі 1/4 галасоў і мясцовы выканаўчы орган атрымалі права склікаць агульны сход у справе стварэньня таварыства ўласьнікаў. Гэты сход лічыўся правамоцным пры ўдзеле звыш 2/3 удзельнікаў сумеснага домаўладаньня. Рашэньне аб стварэньні ТУЖ лічылася прынятым пры галасаваньні за яго больш як 2/3 удзельнікаў сходу. Згодна са 166-м артыкулам агульны сход ТУЖ пры ўдзеле прынамсі паловы ўдзельнікаў мог абіраць на 5 гадоў упаўнаважаных ад кожных 5 удзельнікаў. Агульны сход мог ладзіцца празь пісьмовае апытаньне пры ўдзеле звыш паловы ўдзельнікаў, якія валодалі прынамсі 2/3 галасоў. Сход мелі склікаць аднойчы на год. Урэшце, рашэньні сходу даводзіліся да ведама сябраў ТУЖ шляхам разьмяшчэньня выпіскі з пратаколу на інфармацыйных стэндах ТУЖ не пазьней за 5 дзён пасьля сходу, а пры яго правядзеньня ў выглядзе пісьмовага апытаньня — не пазьней за 5 працоўных дзён пасьля падліку галасоў[1].
На чэрвень 2019 году ў Беларусі налічвалася каля 10 000 таварыстваў уласьнікаў жытла (ТУЖ). Зь іх 43 % былі на самаабслугоўваньні[2]. На сьнежань 2022 году лік ТУЖ вырас да 12 000. Сярод іх 7000 (58 %) мелі дамоўныя дачыненьні з жыльлёва-камунальнымі гаспадаркамі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д А. Лукашэнка. Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 г. № 428-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 29 жніўня 2020 г. Праверана 11 лютага 2023 г.
- ^ У Беларусі жыллёва-камунальныя паслугі аказваюць больш за 20 прыватных кампаній // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 чэрвеня 2019 г. Праверана 11 лютага 2023 г.
- ^ БелТА. У Беларусі створана 12 тыс. таварыстваў уласьнікаў жыльля // Газэта «Зьвязда», 11 сьнежня 2022 г. Праверана 11 лютага 2023 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |