iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.
iBet uBet web content aggregator. Adding the entire web to your favor.



Link to original content: http://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Свастыка
Свастыка — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Свастыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Звычайная свастыка

Сва́стыка, крывакры́ж (санскрыт: svástika, स्वस्तिक) — роўнабаковы крыж, у якога канцы загнутыя ў прамы кут. Бывае звычайнай (卐) і адваротнай (卍). Часамі таксама рысуецца з паўторна перагнутымі на прамы кут канцамі.

Найстаражытнейшыя архэалягічныя знаходкі са свастычнымі малюнкамі адносяць да часоў нэаліту. Гэты старавечны знак найчасьцей сустракаецца ў індаэўрапейскіх культах і культурах, альбо як рэлігійны сымбаль, альбо як звычайны геамэтрычны знак для маляваньня на матэрыяльных прадметах побыту. Гэты сымбаль мае старадаўнюю традыцыю выкарыстаньня ў шмат якіх сусьветных рэлігіях, напрыклад, у індуізме, каталіцтве, будызме і джайнізме.

Свастычны знак выкарыстоўваўся нацыстамі і прыдбаў ад 1930-х гадоў асацыятыўнасьць з Трэцім Райхам. Гэта негатыўна паўплывала на ўспрыманьне некаторымі людзьмі свастыкі ў Эўропе, Паўночнай Амэрыцы і ў краінах былога СССР. Усё ж у іншых частках сьвету такія асацыяцыі не прыхапіліся ў грамадзтве, а ў некаторых культурах свастыка нават застаецца адным з сакральных сымбаляў.

У беларускай народнай культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У традыцыйных беларускіх арнамэнтавых узорах свастыка найбольш распаўсюджаная як элемэнт вясельных строяў жаніха і нявесты. Гэта зьвязана з тым, што свастычны сымбаль меў значэньне ўраджаю, пладавітасьці, агню (пачатку ўсяго жыцьця), дабрабыту.

Некаторыя дасьледчыкі мяркуюць, што гэты сымбаль ёсьць схематычна выяўленым прыстасаваньнем для распальваньня агню, якое складалася з двух драўляных брускоў, якія, круцячы, цёрлі адзін аб аднаго, каб здабыць іскру. Агонь, крыніца цяпла і жыцьця, меў сакральны сэнс ва ўяўленьнях старажытных насельнікаў Беларусі, а таму яго сымбаль таксама набыў містычны сэнс.

Пасьля падзеяў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі СССР, у тым ліку ў БССР, свастычныя знакі набылі новы сэнс, зьвязаны з Трэцім Райхам і нацызмам. Ад тых часоў пачаўся заняпад выкарыстаньня гэтага сымбаля ў народнай культуры. Таксама мясцовымі партыйнымі органамі праводзілася палітыка фізычнага вынішчэньня прадметаў побыту з свастычнымі сымбалямі ці іх перахоўваньне ў закрытых музэйных сховішчах.